Я не чакаў такога маральнага ўздыму ад суайчыннікаў і вельмі ўсцешаны за яго. Андрэй Мельнікаў

Сёння нашым суразмоўцам стане вядомы беларускі бард, літаратар ды проста вельмі неабыякавы грамадзянін Беларусі Андрэй Мельнікаў. З ім мы пагаворым аб тым, як ўкраінцы ўспрымаюць беларускую музыку, аб бягучых падзеях у Рэспубліцы Беларусь і аб тым, з чым з беларускай культуры варта пазнаёміцца ўкраінцам.

Чытаць гэты тэкст у перакладзе украінскай

Добры дзень. Мы пазнаёміліся падчас Вашага знаходжання ў Харкаве ў жніўні 2015 года. Якое ўражанне справіў на Вас наш горад?

Добры дзень. Асобнымі часткамі Харкаў нагадаў мне пра Мінск. У цэлым, у ім мне было дастаткова камфортна і цікава. У Харкаве, я, як казаў адзін палітдзеяч мінулага, адчуваў станоўчую дынаміку.

Тады ж мясцовыя беларусы арганізавалі невялікі канцэрт з Вашым сольным выступленнем. Як украінцы ўспрымаюць беларускія песні?

Тыя, якія былі на маім канцэрце – успрымалі добра. А ў цэлым, падазраю, што цяпер украінцы ўспрымаюць беларускія песні з большай цікавасцю, чым паўгады і больш таму.

Вы актыўны дзеяч беларускага Адраджэння канца 80-х – пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Як Вы прыйшлі да беларушчыны?

Перадусім, праз каханне да свядомай беларускі. І такі шлях у беларушчыну – не эксклюзіў. З тых, хто адразу ўсплывае ў памяці – класік беларускай паэзіі, аўтарка гімна “Магутны Божа” Наталля Арсеннева і, заўважная сёння беларуская паэтка і перакладчыца, украінка з паходжання Вера Бурлак.

І такіх прыкладаў больш за дастаткова. Бо ёсць беларуская харызма, беларускае пасланне, прызначэнне, праз якое беларускі (не этнічна, а духоўна) народ можа служыць і асобнымі сваімі праявамі ўжо служыць чалавецтву. На месца панішаных мільёнаў этнічных беларусаў прыйшлі як мінімум дзесяткі тысяч таленавітых крэатыўных этнічных небеларусаў, якія прынялі для сябе беларускі шлях. Але гэта шырокая тэма для асобнай гутаркі, а можа і для круглага стала ці канферэнцыі.

Паводле інфармацыі ЮНЕСКА, моўная ды культурная сітуацыя ў Беларусі ў дачыненні да беларускай мовы застаецца вельмі пагрозлівай. Як беларусы супрацьстаяць русіфікацыі ў сваёй краіне?

Ёсць універсальны адказ як. Прыносім у сусвет праз уласную мову каштоўнае для сусвету. Беларускае слова Nехта цяпер ведаюць мільёны, калі не дзесяткі мільёнаў прадстаўнікоў толькі неславянскага свету, не кажучы ўжо пра славянаў. Слова, якое стала сімвалам і брэндам свабоды інфы, мірнага змагання і пры тым адсутнасці эгаістычнага выпячвання адзінак. Як той Адысей, які асляпіў вялікана-людажэра Паліфема. “Хто мяне асляпіў?!!! – Нехта.”

То бок, мова павінна стаць большай за самакаштоўнасць. Праз яе павінны транслявацца ў свет галоўныя і ўніверсальныя духоўныя каштоўнасці: любоў, свабода, мера, праўда… І тое забяспечыць ёй звышпрацяглае жыццё пры ўсіх пагрозах звонку.

У 1996 годзе Вы выпусцілі альбом “Гэта мы” з аднайменнай песняй. Гэтая песня стала своеасаблівым гімнам патрыятычнай моладзі Беларусі таго часу. Якія з вашых песень папулярныя зараз? Ці якому з усіх Вашых твораў Вы аддаяце перавагу?

Дзякуючы выдатнаму музыку і харызматычнаму арганізатару народных спеўных сходаў Сяржуку Доўгушаву песня “Гэта мы” цяпер ізноў у трэндзе. Яна ж распачынае зборнік “Годныя песні” – такі масавы спеўнік для тых, хто спявае па-беларуску.

А перавагу цяпер з уласных твораў аддаю апошняй і самай кароткай з напісаных мною песень. Дзесь з поўгады як напісаў:

Праўдаю жыць, волею жыць – нацыянальная ідэя.

Нацыянальная ідэя – любоўю жыць.

Не сакрэт, што доўгі час Вам і Вашым аднадумцам было надзвычай цяжка праводзіць канцэрты ў Беларусі. Ці палепшылася гэтая сітуацыя зараз?

Так, палепшылася. У недзяржаўным сектары прыхільнікаў нашай творчасці стала на парадак болей. Там жа, па-за дзяржаўнымі ўстановамі, проста сярод людзей мы гэтыя канцэрты цяпер і ладзім.

А якім яшчэ праектам Вы ахвяруеце час ды натхненьне?

Пасля завяршэння сэрыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”, у якой мая доля склала 17 кніжак — 17 персаналіяў, я пэўны час расказваў пра дзеячаў беларускай літаратуры на сайце BUDZMA.BY Пандэмія каронавіруса і абуджальныя нацыянальныя падзеі сярэдзіны 2020-га года паставілі мяне перад рашэннем адкласці працяг гэтых расповядаў, а таксама вялічэзны па аб’ёму літаратурны дослед “Сысаў псалтыр” па творчасці беларускага паэта Анатоля Сыса з несвядомым, але трапным, у беларускім рэчышчы, каментаваннем сваім зборнікам “Сыс” Псалтыра цара Давіда да больш адпаведных для тога часоў. Зараз ухіляцца ад грамадскай сітуацыі бачу для сябе подлым, хоць у спакойныя часы мне, бадай, анічога больш ня трэба за магчымасць пісаць тэксты і дзяліцца дасягнутымі ў іх адкрыццямі з зацікаўленай аўдыторыяй,  дзяліцца сваёй творчасцю з людзьмі, якім яна даспадобы,  жыць у размераным рытме разам з дарагімі і блізкімі мне людзьмі…

Я мушу спытаць Вас пра бягучую сітуацыю ў Беларусі. Як вы лічыце, якія яны сённяшнія пратэсты ў Беларусі? Ці чакалі Вы такога маральнага ўздыму ад суайчыннікаў?

Перадусім, гэта пратэсты маладзейшых за маё пакаленняў. Пакаленняў, якія не настолькі аказаліся атручаныя саўком – яго бездухоўнасцю, бязлітаснасцю, безвыходнасцю, хлуснёй… Я не чакаў такога маральнага ўздыму ад суайчыннікаў і вельмі ўсцешаны за яго.

Якой асабіста вы бачыце будучыню Беларусі ды беларусаў? Якімі павінны быць адносіны беларускай дзяржавы з суседзямі?

Будучыня нам невядомая. Але ёсць варты шлях самурая, якім цяпер пайшлі лепшыя з беларусаў і беларусак. Разумею, камусь смешна – ды якія вы самураі, калі сваіх жанчын ня можаце абараніць?!

Прымаю такі закід як слушны. Мала пакуль у пераважнай большасці нас, у тым ліку і ў мяне, духоўнай моцы на безумоўную бясспрэчную самаахвярнасць, дрыжыць унутры страх перад магчымымі калецтвамі і бязмежнымі здзекамі… Але пераадолеем! Ёсць на каго раўняцца. Столькі тысяч няўзброеных людзей засведчылі ў Беларусі гэткае пераадоленне! Як у працяг самурайскага прыкладу слабаўзброеных слуцкіх палкоў стагоддзе таму ў супрацьстаянні гарматам, кулямётам і бронецягнікам дывізіі кітайцаў пад чырвоным сцягам… Сорам перад беларускімі героямі і малітва, веру – дапамогуць завяршаць нам наш зямны шлях сапраўды годна.

Вельмі цаню ў беларусах непрыняцце гвалту. Гэта тое, у чым беларусы сапраўды хрысціяне. І нагадаю, што арганізатарамі сучаснага дзяржсадызму ў Рэспубліцы Беларусь ёсць сын небеларуса Лу, дзяржкілер Шэйман і дзяржберыя Караеў. Калі ж Лу пажадаў больш садызму, то звярнуўся па дапамогу да Расеі і наняў былы “Беркут”…

Адносіны беларускай дзяржавы з суседзямі павінны быць адэкватнымі, годнымі, добразычлівымі і ўдзячнымі.

На Ваш асабісты погляд, што ўкраінцам неабходна даведацца пра беларускую культуру? Якіх беларускіх пісьменнікаў ды якія беларускія тэксты павінен прачытаць украінскі чытач? З якімі творамі беларускіх паэтаў і музыкаў варта пазнаёміцца нашым суграмадзянам?

Украінцам варта проста цікавіцца лепшым у беларускай культуры. Яна нямала адрозная ад украінскай, хоць і вельмі блізкая гістарычна. Чытаць раю Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Саламею Пільштынову, Святлану Алексіевіч, Паўла Севярынца, Віктара Марціновіча, Рыгора Клімовіча, Міколу Пушкіна, Міхаіла Кукабаку, Юрыя Станкевіча, Уладзіміра Арлова, Максіма Клімковіча і Ўладыслава Ахроменку, мяне… Яшчэ дзесяткі цікавых аўтараў, шукайце – знойдзеце… З твораў беларускіх паэтаў, мяркую, варта чытаць паэмы Янкі Купалы, “Новую зямлю” Коласа, “Споведзь” Ларысы Геніюш, звярнуць пільную ўвагу на мемуарную, як бы нон-фікшн, несаўковую літтворчасць што паэтаў, што іншых дзеячаў беларускай культуры. Урэшце, беларускую паэзію, дарагія ўкраінцы, чытайце, па-магчымасці, у арыгінале. І адкрыеце для сябе дзесяткі цікавых неназваных мной паэтаў і паэтак…

Наконт беларускіх музыкаў: яны – айсберг, у якім і для мяне абсалютная большасць вартай музыкі – пад вадой. Апроч найбольш раскручаных імёнаў раю проста звяртаць увагу на тых, хто грае ды спявае для новай абуджанай Беларусі – там нас, упэўнены, чакае шмат файных адкрыццяў. Калі застанемся жывымі і здольным чуць…

Шчыры дзякуй Вам за размову!

Аляксандр КУЗЬМЕНКА, Харкаў (Украіна)

Даведка. Андрэй Мельнікаў. Бард, спявак, грамадскі дзеяч.

1991 альбом «Успамін».

1991 альбом «Да апошняга камісара».

1994 альбом «Песьні выгнаньня».

1996 альбом «Гэта МЫ».

1996  альбом «Шлях».

2008  альбом «Пад знакамі Арла і Пагоні».

2012 альбом «Як з-за выспы на фарвацер».

2012 альбом «Зубы на далоні».

Асноўная тэма песень барда – Бог, Радзіма, каханьне, нацыянальнае адраджэньня і жыцьцё ў постсавецкіх рэаліях. Песьні А. Мельнікава сталі клясыкай беларускай бардаўскай песьні.

Спасылка на Youtube-канал Андрэя Мельнікаваh

Іншыя нашыя гутаркі з цікавымі асобамі у раздзеле
(украінскай мовай) Літературне інтерв’ю

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *