Нам варта чытаць творы класікаў беларускай і украінскай літаратуры ў арыгінале. Алена Анісім

Сёння мы пагаворым са старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, навуковай супрацоўніцай Цэнтра вывучэння беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аленай Анісім пра тое, што хвалюе дзеячаў беларускай культуры сёння і што варта ўкраінцам ведаць пра беларускую літаратуру.

Чытаць гэты тэкст у перакладзе украінскай

Кім для Вас ёсць постаць Янкі Здольніка, з “Тутэйшых” Янкі Купалы? Якой Вы бачыце ролю вясковых настаўнікаў ў станаўленні беларускай мадэрнай нацыі?

Настаўнік у Беларусі заўсёды выконваў ролю асветніка ў шырокім сэнсе. Ён не толькі вучыў пісьменнасці, але і даваў прыклад палітычных поглядаў, спрыяў у фарміраванні патрыятызму і ў вучняў, і ў дарослых, гэта калі казаць пра настаўнікаў дваццатага стагоддзя. Янка Здольнік – тыповы вобраз, у той жа час станоўчы. Бо калі параўнаць з  трылогіяй Якуба Коласа “На ростанях”, то сярод вясковых настаўнікаў былі розныя людзі.

У чым для Вас пастала адметнасць Беларусі ды беларусаў пасля Вашых студэнтскіх падарожжаў рэспублікамі былога Савецкага Саюзу?

Адметнасць Беларусі ў мяне асацыявалася з маёй роднай вёскай, з Віцебшчынай – радзімай маёй мамы. Гэта ўсё было сфармавана яшчэ да паступлення ў БДУ. Таму калі я пачала ездзіць па рэспубліках Савецкага Саюза, то мая радзіма клікала мяне вобразам рэчкі, малюнкамі зімовых завірух і заснежаных палёў.

Як Вы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці Адраджэння беларушчыны ў Беларусі? У чым яе каштоўнасць для Вас асабіста?

Калі мы студэнтамі згуртаваліся ў Беларускую спеўна-драматычную “Майстроўню”, то не думалі пра гучныя словы, пра адраджэнне. Мы напаўнялі сваё маладое жыццё беларускім народным мастацтвам: спевамі, танцамі, тэатральнай пастаноўкай, абрадавымі сцэнамі. Потым гэта набывала розгалас, рабілася прыцягальным для іншых. Пасля нехта пайшоў далей, заняўся палітыкай у дарослым жыцці. Я праз пэўны час акунулася ў грамадскае жыццё. І  Таварыства беларускай мовы – гэта лагічнае поле маёй дзейнасці.

Не сакрэт, што паводле звестак ЮНЕСКА ААН становішча беларускае мовы ў Беларусі працягвае заставацца  пад пагрозай? Якія высілкі Таварыства беларускай мовы, якое Вы ўзначальваеце, прадпрымае для паляпшэння сітуацыі? Якою Вы бачыце ролю дзяржавы ў гэтым працэсе?

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ад самага пачатку свайго існавання рабіла розныя захады для таго, каб беларуская мова займала належнае месца ў адукацыі. Тут можна прыгадаць і дзейнасць фракцыі БНФ У Вярхоўным Савеце (многія сталі дэпутатамі праз ТБМ), ладзілі сустрэчы з бацькамі, з пісьменнікамі, каб заахвоціць дзяцей і іх бацькоў скіраваць да навучання на беларускай мове. Але пасля рэферэндуму 1996 г.  пайшлі такія працэсы ў нашай краіне, што трапіць у школу прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці стала немагчымым. Мы выдаем некалькі газет на беларускай мове, некалькі часопісаў, стаялі ля  вытокаў стварэння незалежнага тэлеканала “Белсат”. Урэшце, заснавалі Універсітэт з беларускай мовай навучання і шмат чаго яшчэ, маю на ўвазе канферэнцыі, выданне зборнікаў.

Як сучасны беларускі рух абапіраецца на гістарычныя здабыткі беларускага народу?

Сучасны беларускі рух, як гэта відаць штодня і паўсюль, заснаваны выключна на нацыянальнай сімволіцы. Больш шырока як раней, выкарыстоўваецца беларуская мова. Шырока разыходзіцца гістарычная літаратура. Гэта надае беларускаму руху супраціву выразны нацыянальны характар.

Чым для Вас ёсць сучасныя пратэсты ў Беларусі? Чаго болей пераважна ў іх, на Ваш погляд – непрыняцця ўлады або жадання змен?

У сучасных пратэстах відавочна праяўляецца незадаволенасць дзеяннямі ўлады, а значыць і жаданне пазітыўных змен. Найперш, дэмакратызацыі грамадска-палітычных працэсаў, лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Што варта захаваць і ад чаго адмовіцца беларускай дзяржаве ў будучыні, без адносна ад персаналій кіраўнікоў?

Беларускай дзяржаве варта скарыстацца досведам папярэднікаў у справе дзяржаўнага будаўніцтва, уключна з досведам БНР. Варта знайсці механізмы і адмовіцца ад пасады прэзідэнта, і перайсці да парламенцкай формы кіравання.

Які замежны досвед варта выкарыстаць на беларускай глебе для паляпшэння сітуацыі (у тым ліку, для развіцця ды адраджэння ролі беларускае мовы)? Якім для Вас ёсць вопыт украінскае дзяржавы ў гэтым пытанні?

Для паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай можна скарыстацца досведам еўрапейскіх краін (Чэхіі, напрыклад), Ізраіля, Казахстана. Украіна мае багаты досвед у плане нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва, таму трэба выкарыстоўваць досвед. Пры гэтым аналізуючы моцныя бакі і больш слабыя. Самае правільнае, што зрабіла Украіна, перавяла навучанне на ўкраінскую мову ва ўніверсітэтах.

Якой Вы бачыце ў будучыні ролю Таварыства беларускае мовы ды яе праекту  нацыянальны беларускамоўны “Універсітэт імя Ніла Гілевіча”? Ці ёсць ў Вас спадзеў, што ў блізкай перспектыве асвета ды адукацыя ў Беларусі будзе хаця бы пераважна беларускамоўнай? 

Наша задача (Універсітэта імя Ніла Гілевіча найбольш) – у выхаванні нацыянальна арыентаванай палітычнай эліты. Калі ўлада, не сёння, дык заўтра, будзе надаваць школам статус навучання хаця б па выніках Перапісу, і іншыя крокі зробіць у гэтым кірунку, то можна спадзявацца, што адукацыя на беларускай мове стане пераважнай.

Што настаўніца беларускай мовы ды літаратуры, са шматгадовым вопытам, а надалей, і супрацоўніца НАН Беларусі можа параіць нашым ўкраінскім чытачам, для лепшага знаёмства з беларускай культурай ды літаратурай?

Я вельмі хацела б, каб мы чыталі творы нашых класікаў беларускай і украінскай літаратуры ў арыгінале. Каб дзецям чыталі дзіцячыя вершы на розных мовах. Сама я да гэтага часу люблю Якуба Коласа, Янку Купалу. Але ёсць і шмат цікавых сучасных аўтараў, я люблю Віктара Марціновіча, некаторыя рэчы Альгерда Бахарэвіча, Таццяны Барысік і многія іншыя. Самае галоўнае – у літаратуры як сучаснай, так і класічнай можна знайсці творы на  любы настрой і густ. Мару пра тое, што з’явяцца кінематаграфічныя творы па розных тэмах, якія агульныя для нас. Гэта могуць быць і гістарычныя тэмы, і больш сучасныя.

Шчыры дзякуй Вам за размову!

Аляксандр КУЗЬМЕНКА, Харкаў (Украіна)

Даведка. Алена Анісім. Нарадзілася 28 верасня 1962 у вёсцы Савоні, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць, Беларусь. Беларуская мовазнаўца і палітычны дзяяч. Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (з 2017), навуковы супрацоўнік ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”. Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання (2016 – 2020).

Іншыя нашыя гутаркі з цікавымі асобамі у раздзеле  (украінскай мовай) Літературне інтерв’ю

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *