Діти-читачі з Харківщини та…

Дитячий Міжрегіона…

На будинку, де вийшла…

В центрі Лубен, на …

На відміну від української…

Говорить Андрій Крю…

Має бути державна політика…

Говорить Дмитро Шев…

Якщо студент хоче бути…

День українськомовн…

Мова — це зброя.…

День українськомовн…

Скільки можна поступово, вже…

Скільки можна посту…

«
»

Мастацкая традыцыя жыве, калі на родных прынцыпах ствараюцца новыя творы. Барыс Шчука

Нашым суразмоўцам стане беларускі музыка ды этнограф Барыс Шчука. З ім мы пагаворым пра важнасць захавання музычнай спадчыны еўрапейскіх народаў, на прыкладзе яго роднай Беларусі, і чым беларусы адрозніваюцца ад украінцаў, што варта прачытаць з беларускай літаратуры, для таго каб лепш разумець беларускі народ.

Частка 1- пра музыку, культуру, літаратуру…

Чытаць гэты тэкст у перакладзе украінскай

Як Вы прыйшлі да ўсведамлення неабходнасці захавання музычнае спадчыны Беларусі. Чаму тыя высілкі, якія нібыта робіць дзяржава, Вам падаліся недастатковымі?

У юнацтве я захапляўся амаль выключна заходнімі стылямі музыкі. А аднойчы досыць выпадкова натрапіў на запісы этнічных беларускіх абрадавых песень у “чыстым”, сапраўдным выглядзе – і гэта быў шок! Раптоўна я даведаўся, што ў беларусаў ёсць (або былі) свае “фірмовыя” мелодыі і эстэтыка, не горшыя як у “цывілізаваным свеце”; і ў чымсьці нават блізкія да эстэтыкі той часткі заходняй музыкі, якой я захапляўся.

З таго дня мне захацелася нейкім чынам: а) засвоіць беларускія этнічныя песні; б) даць ім жыццё ў будучыні. Але, правільныя метады, якімі можна ажыццявіць пункт “б”, я зразумеў толькі праз 10…12 гадоў, вось нядаўна. (усміхаецца)

Што да дзяржавы… У вобласці музычнай спадчыны, як і ўвогуле этнічнай культуры, у Беларусі дзяржаўныя праекты зводзяцца да: а) “папулярызацыі”; б) музеефікацыі.

“Папулярызацыя” – гэта калі робяцца публікацыі ды выданні і праводзяцца нейкія падзеі на выбраную тэму. У спадзеве, што “калі мы будзем нешта балбатаць і паказваць пра культуру, то культура будзе квітнець!”

Натуральна, гэта не працуе. Гэты падыход заснаваны на фармальным, савецкім успрыманні культуры, калі дзеячы ўяўляюць, што культура – частка жыцця, якой можна кіраваць непасрэдна, прамым дзеяннем, паводле адміністрацыйнага загаду ці праз агітацыю “зампаліта”, ”культработніка”. Насамрэч гэткае ж нерэалістычнае ўспрыманне ёсць і ў большасці недзяржаўных праектаў і, прызнаюся, доўга было і ў мяне з сябрамі. І гэтае ўспрыманне не дазваляе даваць культурнай спадчыне рэальнае жыццё ў будучыні.

У чым ёсць каштоўнасць ды сэнс захаваньня каранёў традыцыйнай культуры эўрапейскіх этнасаў, у тым ліку і беларускага?

“Правільны” кансерватызм заключаецца ў няспынным перанараджэнні формы нейкай з’явы з захаваннем яе ўнутраных прынцыпаў і мэтаў. І тыя “карані”, якія варта захоўваць – гэта не вонкавыя формы культуры, а ўнутраныя прынцыпы іх стварэння.

Дам спрошчаны прыклад. Калі вы хочаце “захаваць украінскую этнічную музыку”, то не трэба займацца, як самамэтай, дакладным перайманнем і бясконцым узнаўленнем існуючых твораў, тэхнікаў спеву і грання, тэмбраў “правільных” галасоў і інструментаў. Хутчэй трэба спрабаваць выкарыстоўваць меладычныя і кампазіцыйныя, паэтычныя прынцыпы старой этнічнай музыкі ў новых творах з сучасным гучаннем. Як гэтага дасягнуць – асобнае пытанне. Але з беларускай музыкай, напрыклад, такога ніхто не робіць – прынамсі, публічна.

У чым жа каштоўнасць захавання “каранёў” і вырошчвання з іх новых “кветак”? Шмат у чым, але кажучы каротка і спрошчана (!), гэта можа дазволіць народам:

1) мець “суверэнныя” эстэтычныя школы, адчуваць сябе больш паўнавартаснымі і гэткім чынам зменшыць пакланенне эстэтыцы вялікіх глабальных ці рэгіянальных цэнтраў;

2) зменшыць шкодны ўплыў грамадства спажывання;

3) павялічыць бяспеку ў грамадстве праз павелічэнне салідарнасці людзей як культурна блізкіх адно аднаму;

4) нават знізіць выдаткі на дзяржаўны апарат; бо калі ёсць культура і супольныя каштоўнасці, то яны рэгулююць паводзіны людзей не горш за міліцыю і ворганы нагляду і кантролю.

Чым для Вас ёсць пошук новае стылістыкі ў музыцы? На што (на якія карані) ён мае абапірацца?

Не сказаў бы, што я выступаю за пошук новага дзеля новага. Хутчэй вось так: варта ствараць правільныя творы. Пад правільнымі маю на ўвазе такія, якія “заточаныя” пад нейкую мэту, функцыю (апроч усалоджвання вушэй слухача). Функцыянальнасць, у сваю чаргу, прыводзіць да выпрацоўкі стылю – набору прыёмаў і правілаў.

Як прыклад: шыхтовая жаўнерская песня не павінна мець складанага рытму з сінкопамі і мелізмамі, не павінна патрабаваць шырокага дыяпазону голасу; павінна мець досыць просты, эмацыйны тэкст; павінна мець тэмп у пэўным дыяпазоне, каб адпавядаць кроку шыхтоў; і г.д. Інакш жаўнеры проста ня змогуць яе выкарыстоўваць.

Іншыя прыклады функцыянальнай музыкі: творы для рэлігійных абрадаў; гімны дзяржаваў і арганізацыяў; творы для навучання і распаўсюду нейкіх ідэяў; найгрышы для танцаў; калыханкі; нават адмысловыя саўндтрэкі для розных відаў дзейнасці і розных візуальных твораў. Традыцыйная музыка менавіта функцыянальная, а не “сама па сабе”. І, што цікава, у дамадэрнавыя часы музыка ўспрымалася як адна з дакладных навукаў.

Такім чынам, я б арыентаваўся на функцыянальнасць: “для чаго ты робіш творы?”, “як яны будуць выкарыстоўвацца?” А стыль тады будзе выпрацоўвацца арганічна, на сучаснай глебе.

Што тычыцца “каранёў”. Асабіста я спрабую мінімізаваць стылістычны ўплыў эпохі “Асветы” – бескантрольнае шматгалоссе, якое ў выніку вырадзілася ў прадказальныя творы, заснаваныя на гармоніі на паслядоўнасцях акордаў. З гэтага ўплыву нарадзіўся мэйнстрымны рок, радыёпоп, шансон, акордавая бардаўшчына, поп-панк. Калі гэтая плынь злучаецца з рэпам, то музыка знікае ўвогуле: людзі пачынаюць пісаць песні, у якіх ёсць акампанемент з паслядоўнасці акордаў (які сам па сабе музычнага зместу не нясе), але паверх акампанементу голас проста гаворыць або крычыць, без мелодыі. (смяецца)

У сваю чаргу, максімізаваць варта мадальнасць: калі ў музыцы важны лад, гукарад, з якога выбудоўваюцца мелодыі. А калі ўводзіць шматгалоссе, то ўмеранае: галасоў мала і кожны набліжаецца да самастойнай мелодыі; або наадварот, дадатковыя галасы практычна ніяк не змяняюць матыў. Гэта можна знайсці, напрыклад, у хрысціянскіх спевах мяжы 1-га і 2-га тысячагоддзяў (“грыгарыянскі спеў”), у песнях трубадураў, у лірніцкай музыцы, у язычніцкіх (этнічных) абрадавых песнях; у нейкай ступені ў барочных творах; у метал-музыцы; у некаторай “непапсовай” электроннай музыцы.

На Вашае меркаваньне, што паспрыяла крызе традыцыйнай культуры ды самаідэнтыфікацыі беларускага этнасу на апошнім стыку эпох ды вякоў?

Традыцыйная культура і самаідэнтыфікацыя – два розныя пытанні. І верагодна, вы маеце на ўвазе хутчэй этнічную / нацыянальную культуру, чым традыцыйную.

Я б не сказаў, што пасля распаду СССР беларуская этнічная культура менавіта перажыла нейкі крызіс. Яна проста працягнула знікаць, а гэтае знікненне пачалося задоўга да таго – з урбанізацыяй Беларусі і дадатковым завозам у гарады рускамоўных кіраўнічых кадраў, пачынаючы з 1920-х.

Тэарэтычна мы маглі б павялічыць прысутнасць беларускай мовы і культуры ў жыцці грамадства за кошт палітычных высілкаў у 90-х. Але гэтыя спробы скончыліся, як толькі да ўлады прыйшла прасавецкая і прарасейская сіла.

А прыйшла гэтая сіла (Лукашэнка) не выпадкова, а заканамерна. На той момант расейска-савецкія сімпатыі былі ў большасці насельніцтва. А вось чаму сімпатыі былі такімі – гэта пытанне гістарычнага багажу, памеру і геаграфічнага становішча нашай краіны. Тут вельмі доўга распавядаць, пералічу толькі асноўныя доўгатэрміновыя прычыны такога лёсу.

Адносна малая колькасць насельніцтва.

Адносна жорсткі клімат (у заходняй Еўропе, нават і ў Швецыі, зіма мякчэйшая за беларускую) і ня вельмі ўрадлівыя глебы.

Адсутнасць выйсця да мора.

Адсутнасць нейкіх прыродных бар’ераў (як горы), якія б рабілі наш край цяжкім для заваёвы.

Адсутнасць стратэгічных карысных выкапняў у якіх-кольвек значных колькасцях.

Знаходжанне на шляху перыядычных вайсковых паходаў чужых арміяў.

Знаходжанне на скрыжаванні важных гандлёвых, грузавых шляхоў.

Адсутнасць досведу хрысціянскай Рэфармацыі (а яна на Захадзе моцна спрыяла нацыянальнаму вызваленню з імперыяў).

Знаходжанне на мяжы, водападзеле паміж сферамі ўплыву розных моцных цывілізацыйых цэнтраў (Масква, Берлін).

Спалучэнне гэтых абставінаў гістарычна прыводзіць, на жаль, да наступнага:

а) беларусы не маюць прывязанасці да ўласнай культуры, яны пераймаюць культуру “начальніка”; б) Беларусь можа быць суверэннай, толькі калі яна будзе дыктатурай / аўтакратыяй. Нейкай “мікраімперыяй”.

Каб з гэтым змагацца, трэба спрабаваць ліквідаваць нейкія абставіны са спісу вышэй. Гэта немагчыма зрабіць хутка.

Што да самаідэнтыфікацыі, то, як я паказваю вышэй, беларусам ня вельмі істотна ідэнтыфікаваць сябе паводле культурнай прыналежнасці. Склалася так, што больш важнымі для беларусаў маркерамі з’яўляюцца прыналежнасць да пэўнага краю (“я з-пад Глыбокага”) і да пэўнай рэлігійнай канфесіі (“я праваслаўны” / “рускі” ці “каталік” / “паляк”).

Што варта ведаць пра Беларусь ды яе культуру, пра саміх беларусаў Вашым суседзям па кантыненце, каб лепей разумець унутраныя працэсы ў Вашай краіне – у культуры, мастацтве, літаратуры?

Першая думка на гэты конт: калі вы хочаце зразумець культуру народа, глядзіце на культуру сярэдняга чалавека. Глядзіце не на нейкія эксклюзіўныя, выбітныя ўзоры, якімі ганарыцца інтэлігенцыя; а на тое, што адбываецца на ўзроўні штодзённасці. Выбітныя ўзоры не могуць быць рэпрэзентатыўнымі. Так, я б мог назваць сваю ўлюбёную беларускую музыку, аднак гэта нешта эксклюзіўнае, вельмі нішавае, і яно вам толькі дасць скажэнне карціны.

Другая думка: культура заключаецца ня толькі і ня столькі ў творах мастацтва, колькі ў непісаных нормах штодзённых паводзінаў людзей. Напрыклад: ці нармальна для іх пакідаць смецце ў лесе і  на берагах вадаёмаў? Ці нармальна для іх піць гарэлку пры кожнай сустрэчы кампаніяй сяброў? Ці нармальна для іх збіваць дзяцей або, наадварот, разбэшчваць іх бясконцымі саступкамі? Ці нармальна для іх паціскаць руку пры вітанні? Ці нармальная для іх жорсткая вертыкальная або, наадварот, анархічная карпаратыўная культура? І гэтак далей.

Мяркую, што штодзённыя паводзіны і дзейнасць жыхароў Беларусі нямоцна адрозніваюцца ад такіх ва Ўкраіне, Расеі ці Польшчы. Ва ўсіх нашых краінах большасць насельніцтва жыве ў гарадах, карыстаецца прыблізна тымі ж сродкамі сувязі і транспарту, працуе прыблізна ў тых жа самых тыпах прадпрыемстваў. Спажывае і стварае больш-менш падобны медыякантэнт.

Чым мы адрозніваемся ад украінцаў? Магу выказаць некалькі здагадак.

1) Жыхары Беларусі – самыя неэмацыйныя людзі ў свеце. Гэта вынік міжнароднага даследавання. (Гэта пры тым, што мы адны з лідараў у свеце ў спажыванні алкаголю.)

2) Беларусы – “усходнееўрапейскія немцы”. Мы досыць моцна любім парадак, любім выконваць рэгламенты, любое заканадаўства і загады, аж да абсурду. (усміхаецца)

3) Мы досыць інерцыйныя: доўга дамаўляемся з контрагентамі, удакладняем умовы; але калі дамовіліся, то імкнёмся выканаць дамоўленасці.

4) Мы схільныя ўсё ж да герархічнай, вертыкальнай карпаратыўнай культуры.

5) З кампанентаў ідэнтычнасці для нас важная не столькі кроўная (этнічная) і культурная прыналежнасць, колькі краёвая (“адкуль ты?”) і рэлігійная (“якой ты веры?”). Сустракаю таксама і заклапочанасць класавай / каставай прыналежнасцю.

6) Мы досыць залежныя ад меркавання пра нас звонку. Ухваленне ад замежніка цэніцца больш, чым ухваленне ад суайчынника.

7) У вялікай ступені мы жывём у расейскім інфармацыйным полі, паколькі менавіта з Расеі прыходзіць больш прафесійна зроблены і адначасова ўсім зразумелы медыякантэнт. Гэта набліжае свядомасць беларусаў да свядомасці расейцаў.

У сілу апошняга пункта, а таксама малой колькасці насельніцтва, у Беларусі амаль адсутнічае ўнутраны рынак для мясцовых музыкаў, адсутнічае “шоў-бізнэс”. Прычым нават калі гэтыя музыкі робяць рускамоўныя творы. Беларускія музычныя “зоркі” (вядомыя шырокай масе моладзі) існуюць, але большасць з іх сталі такімі спачатку на замежным рынку, найперш расейскім. Магчыма, вы чулі імёны Макс Корж, ЛСП, Серёга, гурт “Ляпис Трубецкой”. Хоць беларускія “зоркі” і існуюць, беларусы збольшага слухаюць расейскую і заходнюю музыку і на яе ж арыентуюцца ў сваёй уласнай творчасці.

Адпаведна, і рэальных конкурсаў для маладых выканаўцаў у Беларусі няма, і нашыя выканаўцы едуць на конкурсы ў Расею і Ўкраіну.

Ну, і, як вы маглі здагадацца, беларускамоўнай музычнай творчасці мала і яна нішавая ці андэграўндная (каляфолькавыя стылі, палітызаваны панк, поп-рок). А беларускамоўнай радыёэфірнай папсы і іншай “масавай” музыкі ўвогуле практычна няма, бо ў яе няма аўдыторыі.

Што тычыцца літаратуры, то цяперашняе жыццё мастацкай літаратуры ў Беларусі я практычна не адсочваю. Магу толькі сказаць, што актыўная, “сучасная”, “беларуска-арыентаваная” частка літаратараў мае збольшага ліберальныя погляды. (Адной з ілюстрацыяў было тое, што з беларускага ПЭН-цэнтра ў 2019 г. выціснулі чалавека, які пратэставаў супраць прамоцыі ЛГБТ.)

Найверагодней, ёсць яшчэ і вялікі пласт сучаснай рускамоўнай літаратуры, але я пра яе ня ведаю амаль нічога.

У сучасным хуткім свеце на змену старой папяровай літаратуры часткова прыйшла “грамадзянская журналістыка” (блогі). Але беларуская благасфера, у значнай ступені беларускамоўная, пражыла парадку 10 гадоў і знікла ў сацыяльных сетках, калі тыя з’явіліся. Колькасць карыстальнікаў інтэрнэту вырасла ў разы, і самым перспектыўным спосабам распаўсюду думак стала відэа. (Па сутнасці інтэрнэт ператварыўся назад у тэлевізію.) А вось ужо сярод беларускіх відэаблогераў бадай што няма ніводнага беларускамоўнага. Для іх няма аўдыторыі.

Калі ж вы хочаце даведацца, якую беларускую літаратурную класіку варта чытаць, то парады і спісы самых важных кніг можна лёгка знайсці ў сеціве. Адзінае што сярод іх я б раіў звяртацца да таго, што створана да 2000 г. і напісана па-беларуску.

А ад сябе прапаную тры кнігі, якія звычайна не фігуруюць у спісах залатой спадчыны, але мелі рэальны ўплыў асабіста на мяне ў школьныя гады – і ведаю, што ня толькі на мяне. Гэта творы для школьнага ўзросту, але… ўсе мы родам з дзяцінства. (смяецца)

1) Міхась Чарняўскі – ”Страла Расамахі” і “Вогнепаклоннікі”. Сюжэтныя тэксты, дзеянне ў якіх адбываецца ў беларускай старажытнасці, у каменным веку. Аўтар – гісторык і археолаг, і гэтымі кнігамі ён хацеў узрасціць у школьніках цікавасць да даўніны. Аўтар паказвае побыт і тэхналагічны ўклад старажытных плямёнаў, іх рэлігійныя ўяўленні. Тэксты атрымаліся атмасферныя, яны менавіта “зацягваюць” у свой свет.

2) Янка Маўр – “Палескія рабінзоны”. Прыгодніцкая аповесць, якая для мяне ў дзяцінстве была нароўні з кнігамі пра мумі-троляў (а гэта велічыня!). Падарожжа, таямніца, лясное валадарства, выжыванне пасярод дзікай прыроды – добры набор індаеўрапейскіх матываў. І сутыкненне з кантрабандыстамі – як сапраўды беларуская “разынка”.

Зрэшты, палеская немарач – агульная для беларусаў і ўкраінцаў з’ява. (смяецца)

Шчыры дзякуй Вам за размову!

Працяг будзе…

Аляксандр КУЗЬМЕНКА, Харкаў (Украіна)

Даведка. Барыс Шчука. Беларускі аналітык, музыка, этнограф. Займаецца захаваньнем беларускае музычнае спадчыны, ды пошукам новай стылістыцы ў музыцы. Адзін з удзельнікаў таварыства “Вольны архіў”

Сайт “Вольны архіў” (Суполка беларускіх этнографаў-аматараў, якія хочуць аб’яднаць свае напрацоўкі і зрабіць іх здабыткам грамадства. Яшчэ Вольны архіў ― гэта архіў этнаграфічных запісаў, які вядуць гэтыя даследчыкі.) СПАСЫЛКА Старонка “Вольнага архіву” у Facebook

Музычная творчасць з удзелам Барыса Шчукі:

Альбом ” Christs Not Christians” (Black Metal, Hard Rock, Ambient) гурта “Trunar” СПАСЫЛКА

Альбом жаўнерскіх спеваў ” Беларус на варце” СПАСЫЛКА

Альбом “Іншае” (постфольк) СПАСЫЛКА

Альбом ” Sanguine Scales” (Thrash Metal) гурта ” Disgod” СПАСЫЛКА

Іншыя нашыя гутаркі з цікавымі асобамі у раздзеле  (украінскай мовай) Літературне інтерв’ю

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *