Про село Костянтинівка на…

Тут просто чудові…

Про одну хату на…

Ми приїхали на хуті…

Чоловік купив село п'ятсот…

Чоловік купив сел…

З гумором на десятому…

Ми проїхались по се…

Село Тарасівка на Київщині.…

Ми звернули з дорог…

З міста — до…

Ми від'їхали в…

З міста — до…

Ми від'їхали в…

«
»

Гэтай кнізе больш падыходзіць іншы назоў. Рустам Док. (Рэцэнзія на кнігу “Белорусский Донбас”)

Андреева К., Ильяш И. Белорусский Донбасс / Катерина Андреева, Игорь Ильяш; предисл. С.С. Шушкевича; худож.-оформитель М. С. Мендор. – Харьков: Фолио, 2020. – 507 с.: ил. – (Военные дневники)

Чытаць гэты тэкст у перакладзе украінскай

Уступ.

З кнігай «Белорусский Донбас» я пазнаёміўся калі беларуская журналістка Кацярына Андрэева брала інтэрвію ў мяне і сябра для сваёй кнігі, бо мы былі добраахвотнікамі ў расейска-украінскай вайне 2014 г. на баку Ўкраіны. Можна сказаць, што на гэтай тэме знаюся прафэсійна: напрыклад дзявятая глава кончыцца ліквідацыяй «Вадима Савищева», які быў забіты непадалёк ад нас (здаецца я там быў у групе прыкрыцьця снайпэра), а камэнтуючы частку пра ТГ Беларусь, я фактычна напісаў невялікую гістарычную даведку.

Сама назва «Белорусский Донбас» найлепш адлюстроўвае зьмест кнігі, бо як і сама кніга, напісаная яна ў расейскай традыцыі расейскай мовы («белорусский», праз «о»). Прадмова Станіслава Шушкевіча дакладна адлюстроўвае становішча і добра падышла бы нават да навуковага выданьня, аднак для нас, беларусаў, магло б знайсьціся крыху больш словаў, чым дзіўнае «Есть белорусы, которые выбрали свой путь и встали на защиту независимой Украины — тоже с оружием в руках».

Большая частка кнігі прысьвечана сэпаратыстам, але сама яна не падзеленая на дзьве часткі, што толькі дадаткова паказвае абыякавасьць да прынцыповай розьніцы паміж дзьвюма бакамі. Зрэшты, «беларусаў» на баку Расеі можна назваць хіба што «грамадзянамі Беларусі», бо ледзь ня ў кожным інтэрвію яны называюць сябе рускімі: «Меня спрашивают: а чего ты поехал? А я говорю — я ж не белорус, я русский», «…я родом из Ростова. Я казак, и этого уже достаточно …» і г. д. Брак праўдзівых беларусаў апраўдваюць тым, што нібыта беларусы на баку Ўкраіны маўчаць: баяцца перасьледу з боку беларускіх уладаў. Але гэта крывадушна, бо скласьці цэлую кнігу можна было б нават пазьбіраўшы разам усе нашыя гатовыя інтэрвію.

Зьмест.

Тут мушу зрабіць працу за аўтараў і падзяліць кнігу на 2 часткі, бо главы там перамешаныя.

Главы прысьвечаныя сэпаратыстам: 1, 2, 3, 4, 6, 8, 9 (канец), 11, 12, 13, 15 (канец), 16, 18, 19, 21, 22,23, 24, 25

Главы прысьвечаныя беларусам і ўкраінцам: 5, 7, 9 (пачатак), 10, 14, 15 (пачатак), 16, 17, 20, 26

З прычыны браку друкаваных матэрыялаў пра беларускіх добраахвотнікаў, кожная глава пра нас сама ёсьць вельмі важнай. Адносна сэпаратыстаў увагі вартыя толькі главы 22, 24 і 25 (ЧВК «Вагнэра», Лукашэнка і яго бізнэс): бо толькі там бачна якасьць, абазнанасьць у тэме і вялікі досьвед аўтараў, якога бракуе ў іншых частках – на іх базе можна выдаць палітычна-аналітычны дапаможнік для ўкраінскіх аналітыкаў на тэму Беларусі, яе палітыкі, і чаго ад яе чакаць.

Сэпаратысты.

Самая першая глава сустракае гісторыяй звар’яцелай сэпаратысткі, якая пазьней нібыта стала прыхільніцай Украіны: «насамрэч нічога нязвычнага» – менавіта так можна апісаць большую частку кнігі. Знаўцам тэмы могуць быць цікавыя асобныя цытаты сэпаратыстаў: «Говори на камеру, что здесь много иностранных граждан, много белорусов, покажи паспорт» (прыкладна ў тым самым часе пачала зьяўляцца інфармацыя пра замежных добраахвотнікаў на баку Ўкраіны), аднак большасьць падобных гісторыяў і цытатаў нецікавыя і цэннасьць маюць толькі для крымінальных справаў. Так, другая глава прысьвечана вярбоўцы прарасейскіх наёмнікаў, аднак беларусамі тут і ня пахне: замяніць «Барысаў» на «Бранск» і сэнсацыя зьнікне, прычым некаторыя цытаты нават не належаць грамадзянам Беларусі. У той жа главе аўтары пачынаюць сапраўды паказваць сваю некампэтэнтнасьць у тэме, пачынаюцца неверагодныя гісторыі «пра першага забітага ўкраінца» (насамрэч большасьць забітых у сучаснай вайне – артылерыя і снайпэры), а напрыклад, у трэцяй главе нейкі баявік «чаргой адразу пяцёх забіваў». Рэдка аднак трапляецца вартае ўвагі, як тое пацьверджаньне пра ўдзел у вайне вайскоўцаў з 5-й брыгады спэцназу з Мар’інай Горкі, якія ў жніўні 2020 г. пасьля забойства ўкраінцаў пераключыліся на забойства беларусаў.

Вельмі часта аўтары даюць зразумець, што «ня ўсё так адназначна»: так, напрыклад у чацьвёртай главе аўтары пішуць: «В обществе есть два полярных взгляда на белорусов, воюющих за «русский мир» на Донбассе» (пэўна погляд злачынцаў і ахвяраў), а ў 11-й главе іранічна вінавацяць у тым жа Лукашэнку – „Статья «Гастарбайтеры войны», … Основная ее мысль была проста: участие белорусов в конфликте на Донбассе — это плохо, независимо от того, на чьей стороне они воюют.

Часамі можна знайсьці і супярэчнасьці ў словах самога ж аўтара, насуперак таму, што была раней сказана пра вярбоўку: «Практически все бойцы … решили отправиться на войну именно под воздействием сюжетов российских телеканалов.» – аўтар сьцярджае, што «Абсолютное большинство белорусов, которые оказались в рядах ДНР и ЛНР, поехали туда не ради наживы и не по идейным соображениям, а за социальным статусом», а ў канцы той жа главы, каб канчаткова заблытаць чытача, падае нелькі тыпажоў і прычыны з якіх запісаліся ў баявікі (лепей гэта было аддаць псыхолягу, такому як Зьміцер Шчыгельскі, які і паставіў дыягназ Лукашэнку, і быў на нашым баку як мэдык). Між іншым, адное сьцьвярджэньне аўтара ўвогуле ў вольнай Беларусі мажліва цягнула б на судовую справу: «Набор нравственных качеств среднего белорусского бойца «Новороссии» мало отличается от набора нравственных качеств среднего белоруса в принципе».

Нярэдка трапляюцца і павучальныя гісторыі, як у 6-й главе: баявік уцёк у Беларусь, потым у Маскву, а адтуль ва ўкраінскі Марыюпаль і «пад дамашні арышт за тэрарызм» – гэта сапраўды варта ўключэньня ў кнігу, каб памяталася, што нават калі ўкраінская ўлада за хабар выпусьціць з турмы 10 разоў, то на 11-ы раз можа знайсьціся праўкраінскі бандыт, які застрэліць проста на парозе ўласнай кватэры.

Адносна спэцыяльных службаў аўтарам таксама бракуе ведаў: у 21 главе яны паверылі гісторыі расейскай прапаганды, якая кажа, што добраахвотнік-расеец Аляксей Філіпаў быў шпіёнам ДНР, хаця на самрэч ён бы вывезены ў РФ (або ў роспачы павярнуўся сам, як іншыя) і прымушаны зьняцца ў прапагандысцкім роліку, пасьля чаго яго ўсё адно пасадзілі ў турму. Дадаткова няведы пацьвярджаюцца фразай «Однако совместная спецоперация КГБ и СБУ с использованием российской территории выглядит откровенно неправдоподобно»: 31 ліпеня 1992 году КДБ Беларусі заключыў Пагадненьне аб супрацы і ўзаемадзеяньні з СБУ, а тое, што спэцыяльныя службы дзейнічаюць нетрадыцыйнымі мэтадамі – самая іхняя сутнасьць. Так жа сама ў 15-й главе цытату Ігара Шчэкарэвіча «некоторые представители украинских спецслужб действительно могут «сливать» коллегам из Беларуси информацию …» трэба ўдакладніць: так, інфармацыю перадаюць, а ва многіх выпадках проста згодна з міжнароднымі дамовамі (напрыклад як у выпадку з дамовай «об избежании двойного налогообложения» ад 1993 г.).

У главе 23 аўтары пішуць пра перасяленцаў. Трэба трошкі аспрэчыць: афіцыйна прызнанаму ўцекачу грошы ня плацяць – толькі падчас разгляду справы.

Беларусы.

Беларусы пачынаюцца ў найважнейшай, 5-й главе. Вельмі добра адзначана, што ў сярэдзіне 2016 г. зьмяніўся Крымінальны Кодэкс РБ і ад таго часу там могуць афіцыйна перасьледаваць усіх няўгодных камбатантаў. Аўтарка ўдала апісвае выкарыстаньне тэрміну «добраахвотнік» у адносінах да беларусаў на баку Ўкраіны і амаль фармуе дэфініцыю гэтага тэрміну, хоць ня многія журналісты былі здольныя растлумачыць амаль падсьвядомае выкарыстаньне тэрміну. Забракла аднак тлумачэньня, чым ёсьць «добраахвотныя фармаваньні».

Першым сярод добраахвотнікаў сустракае Ян Мельнікаў: ён быў і на Майдане, і на вайне, а біяграфію мае досыць нэўтральную. У той жа главе будзе гістарычная даведка пра Малады Фронт, зьвесткі пра Эдуарда Лобава і Сяргея Пальчэўскага, а таксама біяграфія «Кастуся». У 7-й главе – біяграфія Зьміцера Палойкі. У 9-й главе каштоўныя біяграфіі памерлых Віталя Ціліжэнкі і Алеся Чаркашына: удакладніць трэба сьцверджаньне, што нібыта падчас бою пад Старагнатаўкай ва Ўкраіне было мала БПЛА – ужо існавала не адна група БПЛА, аднак савецкія камандзіры проста ня ўмеюць і ня хочуць выкарыстоўваць іх, а адносна самога бою і «.. в итоге вытеснить боевиков с важной высоты все же удалось», я, ня быўшы на месцы, не магу сьцьвярджаць дакладна, але судзячы з аповедаў пабратымаў, гэта больш было падобна на анархічнае адступленьне, прычым вельмі непрыгожа ў чарговы раз павялі сябе ЗСУшнікі, пакінуўшы ПСаўцаў. У 10-й главе біяграфіі Васіля Парфенкова і Ігара Клеўко, сярод недакладнага: «После перехода батальона в подчинение Нацгвардии … [Ігар Клеўко] не мог оставаться в его рядах» насамрэч амаль ад самага пачатку Данбас быў прыпісаны да НГУ (аб чым раней пісала сама аўтарка – у верасьні 2014 ж проста пачалі выкідваць на вуліцу ўсіх «неоформленных»), а частка пра Ігара кончыцца ўжо традыцыйным «ня ўсё так адназначна». У 14-й главе даюцца біяграфіі Стаса Ганчарова і Зьмітра Рубашэўскага (Ганс), прыведзена цытата Ганса аб нацыянал-сацыялізме: просты хлопец-франтавік сфармаваў журналісту амаль навуковую дэфініцыю сучаснага эўрапейскага нацыянал-сацыялізму і партыяў правых поглядаў, аднак аўтар назваў гэта «каша ў галаве». У 17-й главе біяграфія палітвязьня Тараса Аватарава: дадаць трэба, што плёткі – гэта не журналістыка, тым больш, што на дадзены момант ён ужо выйшаў з турмы і варта было б узяць у яго інтэрвію постфактум. У 20-й главе біяграфія «Маджахеда» і батальён Тарнада: аўтары дзівяцца судзімасьці камбата-“міліцыянера” (такія батальёны захоўвалі пэўную аўтаномнасьць, на гэтую тэму нават жартавалі і называлі адзін аднога “міліцыянерамі”), а да прыведзеных фантазіяў савецка-украінскага галоўнага ваеннага пракурора Маціяса трэба ставіцца скептычна, асабліва пасьля адной гісторыі дзе ён праславіўся як «Толик-тепловизор», калі ў іншай сфабрыкаванай справе ён казаў, што нібыта хтосьці сьлядзіў за ахвяряй у цеплавізар праз вакно і шторы (гэта так не працуе). У 26-й главе біяграфія «Надзі». Таксама ёсьць і пра беларускіх валанцёраў: у 15-й главе пішуць пра Андрэя Стрыжака. У канцы 5-й главы даюцца тыпажы беларускіх добраахвотнікаў, адчуваецца брак меркаваньня прафэсійнага псыхоляга, бо ня так лёгка ўсіх можна катэгарызаваць.

Таксама даецца кароткая і досыць дакладная гістарычная даведка аб стане ва Ўкраіне на вясну 2014 г., даецца ня надта поўны пералік групаў батальёнаў. Да незалежных батальёнаў чамусьці не залічаны вядомы батальён АУН. Вартая заўвагі заява аб пераходзе Данбаса o НГУ: «… поначалу станет для иностранных добровольцев серьезной проблемой, ведь закон, позволяющий гражданам других государств служить в НГУ, Петр Порошенко подпишет лишь в декабре 2015 г.»: з першага ж дня пераходу ў НГУ прадстаўнікі ўлады (ад радцы міністра МУС да прэзыдэнта) абяцалі нам вырашыць гэтую праблему наданьнем грамадзянства.

Даецца ледзь ня першая ў гісторыі праўдзівая гістарычная даведка пра так званы «атрад Пагоня». Самога атраду фактычна ніколі не існавала, а ў самым атрадзе было літаральна пару чалавек (зразумела па фатаграфіях). Тым не менш, прысутнасьць на фронце прынамсі аднаго ўдзельніка «Пагоні» пацьвярджаецца яго параненьнем і ягонымі аповедамі, якія таксама досыць нечакана пацьвердзіліся маім добрым сябрам-украінцам, аднак гэта было адзінае пацьверджаньне за амаль два года вайны. Асабіста ў мяне склалася ўражаньне, што ў тым атрадзе «было» 3 сталых асобы і адна старонка Фэйсбук: дэпутат ВРУ Ігар Гузь, ягоны дапаможнік, хлопец-камбатант і старонка «Алесь Пагоня». Абвінавачваньні ў бок Ігара Гузя ў тым, што ён «сильно преувеличивал масштабы деятельности отряда и, по сути, пиарился на белорусских добровольцах» магу пацьвердзіць асабістым знаёмствам і фактам таго, што калі патрэбна было аказаць абяцаную ім «любую дапамогу», у яго раптоўна зьяўляліся важныя справы.

Удакладненьня патрабуе гісторыя Тактычнай Групы «Беларусь», да якой я належаў у 2015-2016 гг. Сама група пачала фармавацца ў Кіеве, недзе ў сярэдзіне 2014 г. Пазнаёміўшыся з будучымі сябрамі Групы, украінец Віталь Ціліжэнка (мянушка «Кекс»), стаў яе стаўпом. Паводле маіх асабістых успамінаў і ягоных аповедаў, выходзіла, што ён заўсёды цягнуў Групу наперад, а асьцярожныя памяркоўныя беларусы з групы хацелі прайсьці «яшчэ адзін дадатковы вышкал». Аднак усё ж асьцярожнасьць дазваляла беларусам заставацца ў старане ад канфлікту ДУК ПС і афіцыйнай украінскай улады. Першыя выезды Групы на вайну былі ў якасьці валанцёраў, але пазнаёміўшыся з камандзірамі, Група вырашыла замацавацца на фронце ў Пясках пад Данецкам: вайна ўжо даўно прыняла стацыянарны характар. Гэта адбылося прыкладна ў канцы 2014 – студзені 2015 гг., бо ў лютым 2015 г. я ўжо далучыўся і паехаў зь імі ў Пяскі, дзе знаходзіўся з месяц. Саму Групу тады ўкраінцы называлі проста «беларусамі» (афіцыйная назва зьявілася пазьней, іх старонка ў ФБ тады называлася «Згуртаванне патрыётаў»). Недакладнымі зьяўляюцца лічбы, прыведзеныя ў кнізе: афіцыйныя лічбы, якія неаднаразова называліся ў розных інтэрвію, былі даведзеныя кіраўніцтвам Групы. Часткова гэта прызнаецца ў саміх жа цытатах: «Все начиналось с 26 белорусов, а к 2016 году, по словам еще одного добровольца Алексея Скобли, их было уже более тридцати. По внутренней договоренности, точное количество бойцов группы никогда не озвучивалось, чтобы эта информация не попала к белорусским спецслужбам». Не называючы дакладных лічбаў, «залатым складам» можна назваць лічбу ў 5-10 чалавек, з улікам таго, што часамі людзі выбываюць і дадаюцца. Гэта ж можна пацьвердзіць фатаграфіямі з вайны, якія дагэтуль даступныя на ФБ-старонцы «Тактычная Група Беларусь». Пасьля прымусовага вываду ўсяго ДУК ПС з Пяскоў прыкладна ў маі 2015 г. (падазрэньні на гэта зьявіліся ўжо ў сакавіку-красавіку 2015 г., калі мне сказалі не павяртацца з ратацыі), было некалькі афіцыйных выездаў Групы на вайну летам-увосені 2015 г. (у гэты час я ўжо актыўна займаўся пытаньнем сваіх дакумэнтаў і ня мог паехаць). Гледзячы на тое, як група разрастаецца і атрымаўшы дазвол, я вырашыў сфармаваць у рамах Групы аддзяленьне сувязі, да якога мы ўзялі дзьвюх дзяўчынак-украінак. Сярод выездаў, на якія я ня трапіў, і таму не памятаю дакладнай лічбы ўдзельнікаў выездаў, успамінаюцца выезды на «Бутаўку» (у знаўцаў пры ўспаміне гэтай назвы могуць устаць дыбам пасівелыя валасы), а таксама – атака на Старагнатаўку, дзе і загінулі Тарас (Алесь Чаркашын) і Кекс. Вядома, на «Бутаўку» і ў штурмавую атаку на Старагнатаўку дзяўчат пастанавілі ня браць, таму яны адкалоліся і паехалі на вайну ў складзе нейкай іншай, украінскай групы. Пасьля таго як Група страціла Кекса, нягледзячы на існае кіраўніцтва, яна фактычна пачала свой заняпад і на месячны выезд у сьнежні 2015 – студзені 2016 дала рады выставіць толькі каля 5 вольных асобаў. Далей жа мае кантакты з Групай пачынаюць яшчэ больш абрывацца, бо ў гэты момант я ўжо паволі рыхтаваўся на ўцёкі з Украіны: далейшыя лічбы і выезды мне невядомыя. Станам на люты 2021 год Група прыпыніла нават публікацыі ў ФБ. Такім чынам, афіцыйная лічба ў 26 чалавек хутчэй падаецца аптымістычнай колькасьцю асобаў за ўвесь час існаваньня Групы. Тут патрэбная рэмарка: за ўвесь час расейска-украінскай вайны ўкраінскія ўлады ўсяляк перашкаджалі дзейнасьці добраахвотных батальёнаў: расфармоўвалі іх, вялі супраць іх публічную прапаганду, садзілі ў турму, а часам і проста раззбройвалі, наставіўшы дулы БТРаў. Таму няздольнасьць Групы набраць і, галоўнае, утрымаць дзясяткі-сотні-тысячы жаўнераў абумоўліваецца наступнымі перашкодамі:

  • асьцярожнасьць кіраўніцтва
  • брак сродкаў
  • брак зброі
  • брак украінскага грамадзянства
  • легальнасьць існаваньня групы
  • заняпад ДУК ПС
  • заняпад самой вайны (ад мая 2015 г. па ўсім фронце было толькі прыкладна 2 кропкі, куды запускалі «нелегалаў»-добраахвотнікаў, зімой 2016 г. засталася толькі адна такая кропка).

Увесь час існаваньня Групы яна мела прынамсі некалькі прыкрепленных асобаў да розных фармаваньняў (у адрозьнені ад паўмітычнага атрада «Пагоня», у гэтым выпадку гэта дакумэнтальна пацьверджаныя факты), якія амаль увесь час знаходзіліся там – у залежнасьці ад таго ці фармаваньне было на вайне ці на базе, а часьцей за ўсё гэта была 1 ШР ДУК ПС. Аднак часта такія асобы адрываліся ад групы і ўсё менш і менш належалі да яе складу. Фактычна заняпад Групы прызнаецца ў кнізе і валанцёркай Вольгай Гальчанка (паводле заслугаў якую варта і самую залічыць у «залаты склад»): «Потом все разбрелись: кто-то в ВСУ на контракте, кто-то в других добровольческих формированиях, другие строят гражданскую жизнь. …».

Частка пра Азоў уключае вельмі каштоўную і рэдкую біяграфію Сяргея Кароткіх, аднак бракуе інфармацыі, што паводле жонкі забітага Яраслава Бабіча, ён таксама зьвязаны з забойствам яе мужа. Вельмі шкоднай аказалася неўдалая цытата пэўнага добраахвотніка: «… Убивать человека в гражданской одежде мне точно не приходилось, а вот брать в плен — да. Никого нельзя щадить в такой ситуации. Даже если я видел, что человек сдается — все равно применял силу. Например, прикладом в рожу дать, повалить и руки стянуть так, что они чуть ли не вырывались. Кстати, этот навык мы сначала на тренировке отрабатывали — очень больно! А потом мы этих пленных просто сдавали в СБУ»: падчас напісаньня гэтай рэцэнзіі гэтая цытата з маніпулятыўнымі скарочаньнямі актыўна распаўсюджвалася расейскімі і лукашэнкаўскімі сіламі каб паказаць, нібыта «ня трэба аўтарку шкадаваць, паглядзіце пра каго яна пісала». Праўдападобна ў гэты момант у горадзе адбываўся нейкі сэпаратысцкі мітынг, які агрэсіўна сустракаў вайскоўцаў (увесну на такіх мітынгах у вайскоўцаў адбіралі зброю) – тады сапраўды пабілі некалькі чалавек. Інакш застаецца спадзявацца, што добраахвотнік ня ўзяў у палон усе 10 тысяч чалавек, якія жылі ў Мар’інцы. Такія рэчы павінен ведаць журналіст, які піша пра вайну.

Легалізацыя.

Значных увагаў няма. Фразу аб тым, што я з сябрам бежанства «потребовал» я зьмяніў на «папрасіў». Фраза «Если верить бойцам, однажды в Украине им выдали отказ в получении гражданства по причине «безосновательных опасений» (!)» ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю, хіба што калі замяніць слова «грамадзянства» на «бежанства». Сьцверджаньне «В случае Дока и Лесника шансом остаться на законных основаниях в стране было заключение контракта с ВСУ» таксама хлусьлівае, бо для запісу ў ЗСУ патрэбны дзейсны беларускі пашпарт, аб чым пісала сама аўтарка раней. Прычыны таго, што замежнікі адмаўляліся ісьці ў ЗСУ, нават калі б маглі, не раскрытыя: калі падманулі ўжо некалькі разоў, ніхто ня пойдзе ў фактычнае рабства «савецкай» арміі на паўлегальны кантракт з рызыкай памерці ў акопе падчас «перемирия». Непрыязнасьць Парашэнкі да замежных добраахвотнікаў, якую ў кнізе Ігар Гузь зьвязвае з неляяльнасьцю Саакашвілі, насамрэч мае даўнейшыя карані і ў тым ліку зьвязана з нелаяльнасьцю прэзыдэнту расейскага добраахвотніка Ільлі Багданава, а як казаў сам прэзыдэнт Парашэнка аднаму з прыбліжаных валанцёраў, «я не буду давать гражданство каждому кто где-то с автоматом бегает» – пасьля ў гэтага валанцёра быў тыднёвы кагнітыўны дысананс, аднак любоў да прэзыдэнта аказалася большай за сумленьне.

Кульгае ў кнізе і статыстыка: у 25-й главе даецца нейкі «рэйтынг прэзыдэнта Беларусі» (2020 г. пакажа, што гэта аксюмаран). У 16-й главе аўтары прабуюць прааналізаваць лічбы ўзятыя з галавы: найбольш верагодныя ацэнкі колькасьці беларускіх добраахвотнікаў у 2014-2016 гг. – некалькі чалавек у кожным добраахвотным батальёне (у бат. Данбас пачаткова нас было шэсьць), а агулам на фронце – мінімум 50, максымум – некалькі сотняў. У главе 19 даецца статыстыка адносна беларускіх поглядаў на вайну, аднак трэба сказаць, што статыстыка ў Беларусі, яна як рэфэрэндум у Крыму: нібыта кагосьці аб чымсьці апыталі, але сапраўдны вынік ня ведаюць нават самыя рэспандэнты, якія сваю думку часта зьмяняюць проста падчас апытаньня.

Заключэньне.

Заключэньнем можа быць вопіс заключэньня кнігі ды і самога зьместу: пару сказаў пра беларусаў, а рэшта – пра «рускі сьвет» і Лукашэнку. Тым не менш, на сёньняшні дзень гэтая кніга застаецца адзінай вядомай мне друкаванай публікацыяй, дзе хоць нешта напісана пра беларусаў у расейска-украінскай вайне. Сама кніга больш падобная на зборнік выпадковых артыкулаў, якія спрабавалі скампанаваць разам: гэта пацьвярджаецца паўторамі ў розных главах, а часам і супрацьлеглымі выказваньнямі.

Ва ўступе да кнігі аўтар кажа «… последние три с половиной г. мы в журналистике специализировались преимущественно на теме участия белорусов в пророссийских незаконных вооруженных формированиях», пасьля чаго мімаволі задаешся пытаньнем: калі ж беларусы пачнуць пісаць пра беларусаў? Успамінаецца першая думка, калі ўпершыню праглядзеў зьмест кнігі: больш пасуе назва «Лукашэнкаўскі Данбас».

Аўтар: Рустам Док. ГОМЕЛЬ-ВАРШАВА (Беларусь-Польшча)

Фота: Аляксандр Кузьменка. ХАРКАЎ (Украіна)

Даведка. Рустам Док. Нарадзіўся ў Беларусі. Да 2014 году жыў ў Гомелі. Пасьля пачатку расейска-украінскае вайны на Данбасе уступіў дабраахотнікам у батальён “Данбас”, ваяваў ў складзе ДУК ПС. Пасьля атрымаў палітычны прытулак у Польшчы.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркаваньні ды суб’ектыўную пазіцыю аўтара матэрыялу.

Іншыя нашы рэцэнзіі чытайце ў раздзеле “Літаратурная рэцэнзія

Нашыя гутаркі з цікавымі асобамі у раздзеле “Літературне інтерв’ю

1 коментар

  1. Віталій Відповісти

    Дякую! Живе Беларусь і Слава Україні!

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *